ЛІТО́ЎСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр адзінка ў Рас. імперыі ў 1797—1801. Цэнтр — г. Вільня. Утворана паводле імяннога ўказа ад 23.12.1796 шляхам аб’яднання Віленскай і Слонімскай губ. у складзе 19 паветаў: Ашмянскага, Браслаўскага, Брэсцкага, Ваўкавыскага, Віленскага, Вількамірскага, Гродзенскага, Завілейскага, Кобрынскага, Ковенскага, Лідскага, Навагрудскага, Пружанскага, Расіенскага, Слонімскага, Трокскага, Упіцкага, Цяльшэўскага, Шавельскага. Нас. ў 1797 — каля 1568,2 тыс. чал., у т.л. 1 млн. сялян, 120 тыс. шляхты. У Л.г. было 19 гарадоў, 268 мястэчак, 23 632 вёскі, засценкі, ваколіцы, 166 манастыроў, 634 царквы і касцёлы. Найб. дзярж. ўладанне — Слонімская эканомія (1724 двары, 3321 рэвізская душа), з 1798 у пажыццёвым трыманні графа М.Е.Мнішкі. Цэнтр. адміністрацыя — вярх. літ. праўленне на чале з ген.-губернатарам (намеснікам). Указам Аляксандра I ад 21.9.1801 Л.г. зноў падзелена на Віленскую і Слонімскую губ. (з 9.9.1802 Гродзенская губерня).
Я.К.Анішчанка.
т. 9, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)